"Птушкi ля кармушкi
Штогадовая акцыя АПБ “Птушкі ля кармушкі” пройдзе ў выходныя 16-17 студзеня 2021 года. Чым больш людзей паўдзельнічае ў ёй, тым лепш атрымаецца адсачыць змены ў папуляцыях вераб’іных птушак і своечасова зрэагаваць на іх пры патрэбе.
Мэта акцыі-нагадаць, як важна падкормліваць птушак у халады. Знайсці корм пад снегам зімой складаней, але пры гэтым яго патрабуецца больш: птушкам патрэбна дадатковая энергія, каб сагрэцца. Асабліва няпроста птушкам прыходзіцца пасля таго, як зямля і галінкі дрэў пакрываюцца лёдам.
Такія ўлікі праводзяцца ў многіх краінах. Дзякуючы штогадовым падлікам птушак на кармушках у Вялікабрытаніі заўважылі скарачэнне папуляцыі шпакоў на 81% за паўстагоддзя такіх назіранняў. Такі падыход называецца «народная навука», бо дзякуючы яму можна сабраць вялікі масіў дадзеных для аналізу. Калі тысячы людзей па ўсёй краіне з году ў год лічаць птушак па адной методыцы, то дробныя памылкі робяцца статыстычна неістотныя, а сур’ёзныя змены ў папуляцыях — заўважнымі.